Згодна з Нацыянальнай стратэгіяй Беларусі, узровень выкарыстання цвёрдых камунальных адходаў у 2030 годзе павінен дасягнуць 70 %, а яшчэ праз пяць гадоў – 90 %.
Выступаючы з дакладам на VI Усебеларускім народным сходзе, Прэзідэнт адзначыў, што пабудова эканомікі замкнутага цыкла немагчыма без перапрацоўкі другаснай сыравіны.
У час сваіх выступленняў беларускі лідар адзначаў: “Гэта бязладдзе, што мы вывозім на звалкі, закопваем, ствараем горы вакол. Гэта адзін з напрамкаў, якім трэба займацца. Па-першае, гэта рэнтабельна, а па-другое, мы экалогію падцягваем, ачышчаем краіну. Гэта ж і працоўныя месцы, і сыравіна для прамысловасці. Гэтым трэба вельмі моцна займацца”.
Як у нашым раёне займаюцца зборам і сартаваннем другасных рэсурсаў, расказала майстар па добраўпарадкаванні Дзятлаўскага РУП ЖКГ Наталля Скібінская:
– У нас ёсць пункт сарціроўкі, куды прывозім другасную сыравіну – макулатуру, цвёрды пластык, пэт-бутэлькі, што трапілі ў “чырвоныя” кантэйнеры жыхароў ці урны на пляцоўках для раздзельнага збору. Там працуюць работнікі, якія ачышчаюць, сартуюць і прэсуюць пэт-бутэлькі ў цюкі, за якімі прыязджаюць перапрацоўшчыкі. Як ведаем, пластык у прыродзе раскладаецца вельмі доўга і наносіць значны ўрон, а выкарыстоўваць яго як другасны матэрыял даволі выгадна.
Для макулатуры на пункце ёсць прэс-еўракантэйнер, які адпавядае самым сучасным патрабаванням: ён не толькі ўшчыльняе паперу і можа напакаваць яе больш за 4 тоны ў невялікі аб’ём, што вельмі зручна, але і служыць сродкам для перавозкі ў перапрацоўшчыка.
Лінія па сартаванні ніколі не пустуе, заўжды ёсць з чым працаваць, калі хоць на секунду прадставіць, што ўсё гэта трапіць на палігон для смецця – урон прыродзе будзе важкі.
На жаль, не ўсе жыхары раёна сур’ёзна адносяцца да намеру дзяржавы захаваць экалогію, аднак большасць дзятлаўчан сартуюць смецце. Некалькі гадоў назад мы на бясплатнай аснове прадаставілі карыстальнікам з прыватнага сектара чорныя урны для цвёрдых камунальных адходаў і чырвоныя для другасных матэрыяльных рэсурсаў, за апошнімі прыязджае спецыяльная тэхніка, якая забірае іх змесціва на ўчастак сартавання. Перыядычна нашы камунальнікі працуюць на палігоне для смецця: адшукваюць пластык, паперу, пэт-бутэлькі, каб таксама перадаць на перапрацоўку.
Сёлета для горада было набыта 35 новых кантэйнераў, што дазволіла павысіць якасць работы. Наш эколаг Ірына Варабей працуе над іх далейшай закупкай, паколькі яшчэ не поўнасцю забяспечаны гарпасёлкі, ёсць патрэба для сельскай мясцовасці. Справа гэта важная і неабходная для Беларусі, што пацвярджаюць і змяненні ў заканадаўстве. Нашы ж работнікі заўжды рэагуюць на праблемы: ёсць графік вывазу смецця і адходаў, аднак, калі пляцоўкі перапаўняюцца і аб гэтым паступае сігнал – вывозім па-за графіка.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga