Вапнаванне глебы, ачыстка насення, навучанне работнікаў прадпрыемстваў камунальнай формы ўласнасці, выязное пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх, новаўвядзенні 2025 года – на гэтыя і іншыя тэмы гаварылі на штотыднёвай нарадзе ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.
Усё пачынаецца з зерня – упэўнены аграномы
Тэму сельскай гаспадаркі пачалі з вынікаў раённага конкурсу па ўзворванні глебы.
– Вельмі добрая традыцыя, якую мы захавалі на Дзятлаўшчыне, – конкурс аратых, які адбыўся ў мінулыя выхадныя. Гэта ўвага механізатарам раёна, настрой ад сумеснай работы, падарункі пераможцам, перадача вопыту маладым, – адзначыў старшыня райвыканкама. – Традыцыю будзем захоўваць. Дадаткова вясною правядзём навучанне работнікаў.
Што датычыцца паўсядзённых работ аграрыяў, прадаўжаецца вапнаванне глебы на палях гаспадарак, унясенне арганікі. Сельгаспрадпрыемствам “Дварэц-Агра” і “Жукоўшчына” неабходна нарасціць тэмп работ.
На бягучым тыдні спецыялісты ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама і раённай інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін правядуць праверку насення на складах гаспадарак. Да 1 лютага 2025 года яно павінна быць ачышчана і гатова да новай пасяўной кампаніі.
Андрэй Садоўскі прывёў у прыклад іншым вопыт ААТ “Граніт-Агра”, дзе аператыўна пасля ачысткі насення канюшыны яе лішкі гаспадарка прадае і за атрыманыя ад продажу грошы набывае неабходнае насенне люцэрны.
Хто заменіць батарэйку “анёлу-ахоўніку”?
Гаварылі на нарадзе пра сучасную складанасць прафілакціраваць вогненныя трагедыі. Дарэчы, на Дзятлаўшчыне ў бягучым годзе зафіксавана 26 пажараў, у якіх загінулі 4 чалавекі. У большасці здарэнняў вінаваты самі людзі. Пры гэтым, пры маніторынгу домаўладанняў жыхароў раёна амаль кожны раз ратаўнікамі фіксуюцца адныя і тыя ж недахопы – апавяшчальнікібезбатарэекі акуркі на падлозе.
– Настолькі людзі бяспечна адносяцца да свайго жыцця. Чакаюць, калі назіральная камісія прыйдзе і заменіць батарэйку ў аўтаномным пажарным апавяшчальніку. Зразумела, што пажылому чалавеку складана самому гэта зрабіць, а большасць проста не звяртаюць увагі – не працуе, і добра. А сёння сотні выратаваных жыццяў, у тым ліку і ў нашым раёне, дзякуючы апавяшчальніку. Правільна называюць яго “анёлам-ахоўнікам”, – заўважыў Андрэй Садоўскі.
Закранулі і тэму правапарадку. Акцэнтавалі ўвагу на тым, што з беспрацоўнымі, асабліва якія злоўжываюць алкагольнымі напоямі, неабходна працаваць больш жорстка. У 2024 годзе ўжо 37 чалавек ізаляваны ў лячэбна-працоўны прафілакторый, і да канца года лічба павялічыцца. На гэтым тыдні пройдзе чарговая сустрэча прадстаўнікоў раённых назіральнай камісіі і камісіі па садзейнічанні па працаўладкаванні грамадзян з азначанай катэгорыяй жыхароў Новаяльнянскага сельсавета.
– На тэрыторыі гэтага сельсавета дастаткова прадпрыемстваў, дзе ёсць вакансіі і можна працаўладкавацца. Адмова катэгарыйных грамадзян на пасяджэнні ад прапановаў працадаўцаў павінна разглядацца як далейшае накіраванне ў ЛПП, – падкрэсліў кіраўнік раёна.
Начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Вадзім Шчурскі адзначыў, што сапраўды на фоне прафілактычнай дзейнасці камісій і ізалявання на лячэнне тых, хто зусім не можа весці нармальны лад жыцця з-за алкагольнай залежнасці, у раёне назіраецца зніжэнне колькасці злачынстваў і правапарушэнняў. Пракурор раёна Віталій Юрго заклікаў да больш актыўнай сумеснай работы ўсіх суб’ектаў прафілактыкі.
Іншыя тэмы коратка
На бягучым тыдні пройдуць дзве сустрэчы па лініі эканомікі: падатковай інспекцыі, работнікаў аддзела эканомікі райвыканкама з кіраўніцтвам стратных прадпрыемстваў; прадстаўнікоў Камітэта дзяржаўнай маёмасці Гродзенскага аблвыканкама з кіраўніцтвам прадпрыемстваў камунальнай формы ўласнасці Дзятлаўшчыны з мэтай растлумачэнняў профільных новаўвядзенняў, якія ўступяць у сілу ў 2025 годзе.
****
На гэтым тыдні Дзятлаўскае РУП ЖКГ завершыць работы па ўпрыгожанні райцэнтра да навагодніх святаў. Перад выхаднымі на плошчы 17 Верасня з’явіліся яшчэ два светлавыя аб’екты ў форме паўмесяца і анёла. Тры светлавыя аркі будуць устаноўлены ў парку па вуліцы Міцкевіча і кансолі – па вуліцы Чырвонаармейскай.
13 снежня па ўсёй Гродзеншчыне будуць запалены агні на цэнтральных ёлках, будзе дадзены афіцыйны старт святочным мерапрыемствам. Такім чынам, пятніца 13-га ператворыцца ў пазітыўную пятніцу для ўсіх, хто чакае святы.
****
На Дзятлаўшчыне прайшоў раённы этап Рэспубліканскага фестывалю “Бяспечнае дзяцінства” сярод дашкольных установаў. Арганізатарамі выступілі аддзел адукацыі райвыканкама і раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях. Праз некалькі дзён будуць падведзены яго вынікі. Газета “Перамога” пра іх абавязкова раскажа.
****
198 школьнікаў прынялі ўдзел у раённых прадметных алімпіядах. Лепшыя вучні прадставяць Дзятлаўшчыну на абласным узроўні. Жадаем удачы!
****
З 1 верасня 2025 года ў школах будзе забаронена выкарыстанне вучнямі мабільных тэлефонаў на працягу ўсяго школьнага дня, нават на перапынках паміж урокамі. Падрабязней пра новаўвядзенне чытайце ў бліжэйшым нумары “раёнкі”.
****
Актыўна вядуцца работы па падключэнні новай станцыі абезжалезвання вады ў вёсцы Сачыўляны. Увод у эксплуатацыю адбудзецца да канца 2024 года.
Ірына КАМАРОВА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga